Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Ляснічая Кацярына Парфіраўна

Кацярына Парфіраўна Ляснічая (у дзявоцтве Белавус) нарадзілася 23 ліпеня 1933 г. у в. Аснежыца Пінкавіцкай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Маці Кацярыны памерла, калі дзяўчынцы было ўсяго шэсць месяцаў. Неўзабаве пасля гэтага бацька ажаніўся другі раз. Бацька і мачыха не забывалі маленькую Кацю, якая з маленства жыла ў бабулі Зосі на іншым канцы вёскі, усяляк падтрымлівалі, асабліва ў суровыя гады нямецкай акупацыі (1941–1944).

Кацярына Белавус хадзіла ў мясцовую пачатковую школу. Нягледзячы на нягоды пасляваеннага часу, скончыла школу на «выдатна». Але вучыцца дзяўчынцы больш не давялося. З малых гадоў яна спасцігала сялянскую навуку ў полі і на лузе. Разам з сяброўкамі стала выходзіць на палявыя работы ў мясцовым калгасе імя І. В. Сталіна, які арганізаваны ў 1948 г. З шаснаццаці гадоў Кацярына была занята на розных работах у паляводстве, паспяхова працавала ў калгасе нароўне з дарослымі.